СКЛАДА́НЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, у якіх канчатковыя прадукты ўтвараюцца з зыходных рэчываў у выніку некалькіх (2 і больш) простых (элементарных) стадый (рэакцый). Асобныя стадыі С.р. прыводзяць да ўтварэння ці ператварэння прамежкавых рэчываў (малекул, свабодных атамаў, радыкалаў і інш.), што не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Да С.р. адносяць найб. пашыраныя класы рэакцый — каталітычныя (гл. Каталіз), ланцуговыя хімічныя рэакцыі, а таксама абарачальныя рэакцыі.
Паводле характару ўзаемасувязі элементарных рэакцый адрозніваюць: паралельныя рэакцыі, у якіх з аднолькавых зыходных рэчываў у выніку розных элементарных рэакцый, што адбываюцца адначасова, утвараюцца розныя прадукты (напр., пры хлараванні бензолу ўтвараецца сумесь орта-, мета- і пара-хлорбензолу); паслядоўныя рэакцыі, калі прадукт папярэдняй элементарнай рэакцыі з’яўляецца зыходным рэчывам наступнай (напр., пры хлараванні метану CH4 паслядоўна ўтвараюцца метылхларыд CH3Cl, метыленхларыд CH3Cl2, трыхлорметан CHCl3, тэтрахлорметан CCl4); паслядоўна-паралельныя і інш. Гл. таксама Кінетыка хімічная, Рэакцыі хімічныя.
т. 14, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)